«Радыё Свабода»: «Мы ня хочам, каб захад рэжыму быў крывавым». Андрэй Дзьмітрыеў зьвярнуўся да сілавікоў (відэа) - Дмитриев #ЗаПравду

Свой зварот ён пачаў зь сьцьвярджэньня, што «за апошнія некалькі месяцаў нам усім стала відавочна: эпоха старога прэзыдэнта завяршылася».

«Мы назіраем захад рэжыму і ня хочам, каб ён быў крывавым, — сказаў Дзьмітрыеў. — Гэта сёньня залежыць ад усіх тых, хто носіць зброю па доўгу службы».

Ён заклікаў не пераступіць рысу, «за якой пачынаюцца гвалт ці, ня дай бог, кроў».

«Стары прэзыдэнт хоча, каб вы думалі, што гэтыя выбары пра яго, ставіць знак роўнасьці паміж сабой і краінай», — сказаў Дзьмітрыеў.

Аднак ён лічыць, што большасьць хоча, каб прыйшоў новы прэзыдэнт.

«Мы ўсе яго хочам выбраць на сумленных выбарах, без майданаў і плошчаў. Мы ўсе хочам жыць у міры і згодзе», — сказаў Дзьмітрыеў. Ён лічыць, што новы прэзыдэнт патрэбны і сілавікам.

«Ён будзе будаваць краіну, дзе вам не аддадуць злачынныя загады. Не прынізяць разгонам чаргі каля сувэнірнай крамы ці бегам за раварыстамі. Дзе вам ня трэба будзе арыштоўваць людзей толькі за тое, што ў іх ёсьць сваё меркаваньне. Дзе вас ня будуць шантажаваць за некалькі гадоў да канца службы, што звольняць і вы не атрымаеце працоўнага стажу», — сказаў Дзьмітрыеў.

«Вы ішлі на службу, каб бараніць усю Беларусь, а не аднаго чалавека», — дадаў ён.

Дзьмітрыеў лічыць, што стары прэзыдэнт замест выкананьня абяцаньняў пакінуў толькі страх, на якім усё трымаецца.

«Стары прэзыдэнт штурхае вас на злачынства. Але ён сыдзе, нават калі не 10 жніўня, крыху пазьней, — а вашыя дзеяньні не забудуцца. Навошта вам адказваць за ягоныя памылкі?» — спытаўся Дзьмітрыеў.

Ён заклікаў вайскоўцаў і міліцыянтаў застацца ў казармах, «а калі будзеце на вуліцах — абараняйце мірных людзей ад сапраўдных правакатараў».

Ён сьцьвярджае, што ў старога прэзыдэнта «на самой справе і краіны няма».

«У яго засталіся толькі вы і вашая зброя. Адзіная сіла сёньня, каб утрымаць уладу. Але што такое зброя? Гэта заўсёды вашая асабістая адказнасьць. Ад вас залежыць, чаму і каму яна будзе служыць — міру, спакою, людзям, якія хочуць, каб іхныя дзеці не зьяжджалі за мяжу ў пошуках лепшага жыцьця, альбо помсьце, страху і прыніжэньню. Гэты выбар мы ня можам зрабіць за вас. Але мы верым вам і падтрымаем кожнага, хто выбера бок свайго доўгу, прысягі перад народам, сваіх дзяцей, іх будучыні, а не злачыннага загаду».

«Беларусі патрэбны новы прэзыдэнт», — завяршыў свой зварот Дзьмітрыеў.

svaboda.org

Рубрики: Новости

0 комментариев

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *